В. Швыкоўскі стаў паўнаўладным гаспадаром у маёнтку ў 1843 г. У той год яны з братам Міхалам падзялілі між сабой пружанскія ўладанні нябожчыка бацькі Пятра Бярнардавіча. Валенці атрымаў уласна Пружану з фальваркам той жа назвы і некаторыя суседнія вёскі. Да Міхала адышоў новаўтвораны маёнтак Белавусаўшчына. В. Швыкоўскаму належала ідэя стварэння «палацыка», таму нам хацелася б трохі падрабязней расказаць пра гэтую асобу.
Герб роду Швыкоўскіх - АГЕНЧЫК
Род Швыкоўскіх паходзіць з Ашмянскага павету. Валенці Пятровіч Швыкоўскі нарадзіўся каля 1817 г. Бацька накіраваў яго разам з Люцыянам Крашеўскім ехаць за адукацыяй у Дэрпцкі ўніверсітэт (Дэрпт - зараз горад Тарту ў Эстоніі), але правучыўшыся там каля году, Валенці “ня вытрымаў разгул і нягоды студэнцкага жыцця і кінуў вучобу”(па успамінах Каятана Крашэускага),але хучэй за ўсё ў сям’е нехапала сродкаў для працягу навучання.
Касцёл бенедыкцінак(Св.Екацярыны) у Вільна. Напаліён Орда.
У 1841 г. у віленскім касцёле бенедыкцінак адбыўся шлюб В.Швыкоўскага з шляхцянкай Ашмянскага павета Гермініяй Парфір’еўнай Важынскай. Бацька яе, Парфірый Важынскі, быў адным з кіраўнікоў антырасійскага паўстання 1830-1831 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі. Г. Швыкоўская вызначалася гаспадарлівасцю, гарманічна дапаўняла свайго мужа. Але шлюб быў бяздетны. У 1854 г. Валенція абралі маршалкам Пружанскага павета. За ўдзел у паўстанні 1863 г. яго маёмасць секвестравалі, самому яму давялося шукаць прытулку ў Бельгіі, Францыі, Італіі. Пакуль дакладна невядома роль пружанскага маршалка ў гэтым паўстанні. Але ёсць звесткі аб тым, што ён падтрымліваў інсургентаў Каліноўскага лекамі, грошамі і зброяй (летась у гарадскім парку было знойдзена сховішча зброі тых часоў). Сам пружанскі маршалак не быў заўважаны ў баявых дзеяннях супраць царскіх войскаў. Тым не менш, яго сядзібу канфіскавалі (фактычна незаконна), а яе гаспадар быў вымушаны выехаць у Еўропу. Справа ў тым, што сядзіба на той час - гэта не проста палацык і парк. Гэта і вельмі развітая гаспадарка, якая ўключала шмат разнастайных пабудоў і нават цагляны завод. Царскім уладам перш за ўсё трэба было авалодаць эфектыўнай гаспадарчай інфраструктурай Швыкоўскіх, і яны, хай і незаконна, гэта зрабілі. З цэглы Швыкоўскіх пабудаваны Св.-Александра Неўскі сабор і яшчэ некалькі будынкаў у горадзе. Акрамя гэтага, у Белавежу для асалоды імператарскага вока пад час адпачынку на паляваннях, была вывезена уся аранжарэя. Чатыры гады, з 1863 па 1867, правёў пружанскі маршалак у выгнанні. Увесь гэты час яго жонка Гермінія Парфір'еўна дабівалася праўды. Яна пісала да расійскага імператара Аляксандра ІІ і ў рэшце рэшт ён сваім асабістым загадам зняў арышт на маёмасць Швыкоўскіх і вярнуў усё, што належала ім да 1863 года.У 1867 г. выгнанніку пашчасціла вярнуцца на радзіму ў свой маёнтак, дзе ўвесь час жыла Гермінія. Маёнтак быў зноў аддадзены яго ранейшаму ўладальніку — выпадак даволі рэдкі. Пахаваўшы ў 1888 г. жонку, Валенці яшчэ сем гадоў жыў у сядзібе, займаўся гаспадарчай дзейнасцю. У 1895 г. састарэлы памешчык прадаў маёнтак графу Ўладзіміру Пятровічу Кляйнміхелю. Апошні перыяд свайго жыцця В. Швыкоўскі бавіў час у Варшаве, дзе і памёр 3 сакавіка 1900 г., пражыўшы 83 гады. Пахаваны ён побач з жонкай на каталіцкіх могілках у Пружанах. Сціплая магіла Швыкоўскіх збераглася да нашага часу. В. Швыкоўскі быў дужа цікавай асобай. Эрудыт, сумленны грамадзянін і патрыёт, ён вызначаўся руплівай грамадскай і гаспадарчай дзейнасцю. Свой талент і веды пружанскі маршалак скіраваў на ўласную гаспадарку. Гэтымі справамі Валенці займаўся сам, ужываючы перадавыя метады і тэхналогію, і дасягнуў значных поспехаў. Вось як вызначалі стан гаспадаркі В. Швыкоўскага ацэншчыкі з Віленскага аддзялення Дзяржаўнага банка, якія склалі ў 1895 г. апісанне маёнтка з нагоды пераходу яго да В.П. Кляйнміхеля: «За усе 52 гады (валодання маёнткам В. Швыкоўскім. — У. П.)... утрымлівалася ў дастатковай колькасці жывёла і ўсе ворныя землі, а асабліва тыя, якія ляжаць пры галоўнай сядзібе, настолькі палепшыліся, што ў дадзены момант рэзка адрозніваюцца ад усіх суседніх». За гады свайго знаходжання ў маёнтку В. Швыкоўскі правёў тут вялікія пераўтварэнні: рэканструяваў тэрыторыю сядзібы, узвёў «палацык», бровар, цагельню, шмат іншых жылых і гаспадарчых пабудоў. У вёсцы Дабучын існавала ўтвораная ўладальнікам школа для навучання сялянскіх дзетак, якая месцілася ў драўлянай хатцы. Найбольшыя змены адбыліся ў сядзібе. У пачатку 60-ых гадоў XIX ст. тут стаяла ўжо каля дваццаці будынкаў: жылыя дамы для чэлядзі і парабкаў, аранжарэя, дзве цяпліцы, свіран, авечнік і іншыя. Шмат з іх было мураваных, як і «палацык», што ўпрыгожваў радавое гняздо Швыкоўскіх. Большасць пабудоў не зберагліся. Гэта ж датычыцца сядзібнай агароджы. У 50—60-ыя гады мінулага стагоддзя гэта быў паркан з драўляных калоў і жэрдак, якія абапіраліся на мураваныя і драўляныя слупы. Пры ўездзе на падворак стаяла брама, таксама драўляная. Відавочна, у другой палове XIX ст., а можа, і на пачатку XX ст. была зроблена мураваная брама. Яе разабралі ўжо ў савецкі час, у першыя пасляваенныя гады. Зараз захаваліся толькі будынкі «палацыка» і аранжарэі, якая месціцца побач з ім, за прысадамі. Цяпер у колішняй аранжарэі знаходзяцца мастацкія майстэрні. У значна перабудаваным дамочку цяжка пазнаць яго былое прызначэнне. У часы В. Швыкоўскага ён меў звычайны для такіх будынкаў выгляд. Аднапавярховая пабудова з чырвонай цэглы, прастакутная ў плане, была выцягнута з усходу на захад. Мела гонтавы дах, два ганкі, дзевяць дзвярэй і столькі ж вокнаў. Большасць вокнаў на паўднёвым фасадзе, каб сонцам лепей абаграваліся расліны, што вырошчваліся ў аранжарэі. У будынку меліся чатыры пакоі, дзе стаялі камін для нагрэву вады і тры печы. Дрэвы і кветкі знаходзіліся ў скрынях, вакол якіх уладзілі невялікія праходы для лепшага догляду раслін. Акрамя гэтага, пад адным дахам з аранжарэяй існаваў яшчэ адзін пакойчык -- так званы трэпауз. У шафах і на насценных паліцах там захоўваліся розныя ёмістасці з растворамі і хімікатамі. Паводле вопісу 1864—1866 гг., у аранжарэі і цяпліцах у тон час расло каля тысячы кветак і дрэў шасцідзесяці найменняў, галоўным чынам экзатычных — камеліі, адаліі, валькамерыі, мацыёлы, пальмы, васковыя і лімонныя дрэвы. Сядзібная аранжарэя ў часы В. Швыкоўскага была вядома далёка за межамі павятовага цэнтра. М. Федароўскі ў артыкуле «Пружана і яе ваколіцы» адзначаў унікальнасць калекцыі раслін аранжарэі пружанскага маршалка: «Векавымі апельсінамі, якіх быў вялікі лес, пальмамі, міртамі і лімонамі на ўсю Літву (маецца на ўвазе Беларусь. — У. Я.) была вядома аранжарэя Швыкоўскіх. Падобнай ёй не мелі і Радзівілы». Пасля канфіскацыі маёнтка большасць раслін і цяпліц прадалі. Трохі на поўдзень ад аранжарэі размяшчаўся сядзібны сад. У ім раслі ігрушы, яблыні, слівы, вішні, чарэшні, а таксама некалькі дзесяткаў кустоў вінаграду. Э. Лабко ва ўжо згаданым артыкуле падкрэсліў, што сад і вінаграднік вызначаліся «вялікім густам і акуратнасцю ў выкананні". Заслуга ў гэтым перш за ўсё самога гаспадара Валенція Швыкоўскага, які быў, па словах Лабко, «вялікі аматар і знавец па садаводстве». Гэта пацвярджае і факт з біяграфіі пружанскага маршалка, які прывёў М. Федароўскі. В. Швыкоўскі падчас свайго выгнання ў 1863—1867 гг. некаторы час працаваў садоўнікам у нейкан гаспадарцы ў Бельгіі. Трэба меркаваць, Валенці меў дастатковыя веды, каб весці «зялёную гаспадарку» ў сваёй сядзібе на належным узроўні. Што гэта было так, красамоўна сведчаць водгукі сучаснікаў, прыведзеныя вышэй. Адным з накірункаў работ па рэканструкцыі пружанскай сядзібы сталі мерапрыемствы па ўпарадкаванні тэрыторыі парка. Стары рэгулярны парк перапланавалі ў пейзажны, павялічыўшы яго тэрыторыю на захад. Ен заняў тэрыторыю больш за 8 гектараў. На гэтай параўнальна невялікай прасторы В. Швыкоўскі ўтварыў, як даводзіць Э. Лабко, «цудоўны англійскі парк». Але на плане сядзібы 1902 г. зноў бачым тую ж разбіўку на квадраты, што адлюстроўваў план 1843 г. У чым справа? Верагодна, быў прыняты кампрамісны варыянт: захавалі квадраты, але ў межах кожнага з іх дрэвы і кусты кампанаваліся свабодна, што адпавядала асноўным канонам ландшафтнага парка. Спусціўшыся па лесвіцы з тэрасы паўночнага фасада будынка, можна было трапіць на паўкруглую пляцоўку з кветнікам. Адсюль на поўнач цягнулася цэнтральная алея парка. Справа і злева ад яе ў тым жа кірунку праходзілі дзве бакавыя алеі. Уздоўж кожнай месціліся лавы для адпачынку. Купкі дуба, ясеня, ліпы, граба, ялін і хвоі перамяжоўваліся невялікімі палянамі, перарэзанымі звілістымі сцяжынкамі. Прысады выходзілі да канала, які на паўночным ускрайку сядзібы разгаліноўваўся, утвараючы астравок і сажалку. Праз канал і на востраў было перакінута некалькі масткоў. На беразе сажалкі і на астраўку стаялі лавы і альтанкі. Гэтыя мясціны былі найбольш прывабнымі. Дрэвамі тых жа айчынных парод засадзілі заходнюю частку сядзібы. Парк абкружаў «палацык» таксама з усходняга боку. Такім чынам, невялікі ўтульны парк пружанскай сядзібы быў аформлены сціпла і з густам. I сродкамі самымі прымальнымі: В. Швыкоўскі прыстасаваў выгляд сваёй сядзібы да навакольнага краявіду. Англійскі парк набыў «тутэйшы» характар, ён ладна пасаваў да існуючага прыроднага асяроддзя. У гэтую рамантычную аправу была ўкладзена годная перліна — «палацык». Ен злучыў усе элементы кампазіцыі сядзібы і аб'яднаў іх у адзіны ансамбль. Пра ўзровень адукаванасці і культурныя інтарэсы мужа і жонкі Швыкоўскіх сведчыць спіс кнігазбору, які месціўся ў «палацыку», у кабінеце Валенція. Гэты спіс маецца ў інвентарным вопісе рухомай і нерухомай маёмасці пружанскага маршалка, складзеным у 1864—1866 гг. з нагоды канфіскацыі маёнтка. Справа, прысвечаная гэтай падзеі, захоўваецца ў гістарычным архіве Гродна. Да яе мы яшчэ вернемся. Кнігазбор налічваў 1407 адзінак розных найменняў на польскай, рускай, нямецкан і французскай мовах. Што ж чыталі Швыкоўскія? Як бачна са спісу, літаратуру самую разнастайную. Разам з забаўляльнай чытанінай накшталт часопісаў для дому, а таксама вельмі папулярнымі ў тыя часы французскімі раманамі такіх аўтараў, як Гюго, Дзюма, дэ Кок і іншых, меліся сур'ёзныя навуковыя выданні: друкаваныя працы па агульнай гісторыі і гісторыі Рэчы Паспалітай, геаграфіі (карты і атласы розных краін), распрацоўкі па эканоміцы і гаспадарцы («Працы Вольнага Эканамічнага Таварыства», часопісы па садаводстве), шмат літаратуры па пачатковым навучанні грамаце, рэлігійныя тэксты. Яўна пераважалі выданні гуманітарнага характару. Чытанне займала, як бачым, значнае месца ў жыцці Валенція Пятровіча і яго жонкі. Кнігазбор яны мелі па тых часах не вельмі вялікі. Да прыкладу — бібліятэка ўладальніка маёнтка Лінова (на поўдзень ад Пружан) У. Трэмбіцкага ў сярэдзіне мінулага стагоддзя налічвала некалькі тысяч адзінак. Былі кнігазборы больш буйныя. У. Плятэр у Краславе на Віцебшчыне (зараз у Латвіі) сабраў 30 тысяч тамоў кніг і рукапісаў. Збіранне кніг у тыя часы мела шырокае распаўсюджанне. Але бывала і так, што ў панскай сядзібе было цяжка знайсці нават адну кніжку. Швыкоўскія, відаць, складанне ўласнай бібліятэкі не рабілі самамэтай, а набывалі самае неабходнае. Лёс кнігазбору сумны: як і шмат іншых рэчаў «палацыка», усе кнігі прадалі з аўкцыёна ў першыя гады пасля канфіскацыі маёнтка. Швыкоўскія таксама цікавіліся мастацтвам. 3 вялікім густам былі аформлены парадныя пакоі «палацыка», неад'емную частку якіх складалі шматлікія карціны і скульптуры. У асобнай папцы, якая знаходзілася ў кабінеце маршалка, ляжалі некалькі дзесяткаў розных малюнкаў, карцін і партрэтаў, сабраных ці можа выкананых самім уладальнікам сядзібы. Сучаснікі высока ацэньвалі асобу В. Швыкоўскага. Газета «Русский инвалид» у 1860 г. змясціла артыкул свайго карэспандэнта Э. Лабко «Пружаны як павятовы горад», дзе значнае месца адведзена ўслаўленню асабістых і дзелавых рысаў пружанскага маршалка. Лабко падкрэсліваў «цудоўныя душэўныя якасці і высакародства ў стаўленні да ўсіх», якімі характарызаваўся В. Швыкоўскі. Гаспадары «палацыка» былі вядомы сваёй гасціннасцю. Іх дом наведвалі славуты Ю. Крашэўскі і мастак Н. Орда. Тут бываў нястомны даследчык этнаграфіі і фальклору Беларусі Міхал Федароўскі. У адным з нумароў часопіса «Ziemia» за 1911 г. ён надрукаваў краязнаўчы артыкул «Пружана і яе ваколіцы», дзе ёсць нямала пахвальных слоў аб Швыкоўскіх і іх сядзібе. Валенці названы там «сапраўдным увасабленнем нашай культуры». У М. Федароўскага былі падставы для такога сцвярджэння. Уладальнік пружанскага маёнтка належаў да найлепшых прадстаўнікоў тагачаснай інтэлігенцыі краю. Пра светапогляд В. Швыкоўскага даюць некаторае ўяўленне ягоныя лісты да Ю. Крашэўскага. Напісаныя ў 1860— 1886 гг., яны знаходзяцца сярод карэспандэнцыі пісьменніка, якая захоўваецца ў рукапісным фондзе Ягелонскай бібліятэкі Кракава. 3 гэтых дакументаў найбольш цікавы ліст, датаваны сакавіком 1867 г. Былы маршалак даслаў яго Крашэўскаму з французскага горада Манпелье, куды лёс закінуў выгнанніка. У лісце В. Швыкоўскі дае ацэнку тагачаснага палітычнага становішча. Гэтыя радкі напісаны на высокім эмацыянальным уздыме, прасякнуты вялікім патрыятычным пафасам. Прывядзём асобныя з іх: «Весці з краю заўсёды тыя ж самыя: бяда, смутак, нястача і ўбоства агульныя - праследаванням няма канца... Расце сквапнасць царскіх катаў; чаго нельга ўкрасці, тое знішчае чужая мова і чужая прывіваецца вера... Сэрца рвецца перад гэтай страшнан карцінай маральнай і матэрыяльнай пакуты народа. Кінуўшы вока на сённяшнюю найбліжэйшую гісторыю і падзеі, не меней сумную і грозную бачым карціну: як права мацнейшага мае ўстрымліваць раўнавагу ў Еўропе. Значэнне і ўплыў народа мусіць залежаць ад тых людзей, якія знаходзяцца пад зброяй... У грамадскім жыцці распад і адмаўленне веры, сям'і і найсвяцейшых векавых праўд... Адным словам, хаос усеагульны, а што з яго вынікне - - аднаму Богу вядома»: Раней, у часы свайго маршалкоўства, В. Швыкоўскі прыклаў шмат намаганняў, каб хаця трохі зменшыць «агульныя нястачу і ўбоства». Ен прычыніўся да розных мерапрыемстваў па паскарэнні культурнага развіцця Пружан і паляпшэнні дабрабыту жыхароў краю: арганізацыі ў горадзе грамадскай бібліятэкі, коннай пошты і правядзення праз Пружаны паштовага тракту. Трэба адзначыць ягоны чынны ўдзел у будаўніцтве новага каталіцкага храма ў горадзе. Праект быў складзены выдатным архітэктарам Г. Марконі, да якога звярнуўся, відаць, сам маршалак. Месца было выбрана кала старага драўлянага касцела. Будаўніцтва касцёла пачалося ў 1857 г., але з-за недахопу сродкаў неўзабаве замарудзілася. Дзеля пакрыцця выдаткаў В. Швыкоўскім ладзіліся ў горадзе тэатральныя пастаноўкі, музычныя вечарыны, пашыраліся латарэі, прыбытак ад якіх ішоў на пабудову храма. Да гэтага мерапрыемства далучылі і Ю. Крашэўскага. У маі — чэрвені 1861 г. у лісце да пісьменніка Швыкоўскі прасіў таго скласці рэкамендацыю і запрасіць якога-небудзь «будаўнічага» кіраўніка работ па ўзвядзенні касцёла. Але ўсё змянілася пасля падзен 1863 г. Няскончаны храм аддалі ў праваслаўнае ведамства, якое дабудавала яго. Яна стаяла ў цэнтры горада насупраць драўлянай царквы, ля паварота на вул. Тармасава і была па праекце самым высокім будынкам у горадзе. У час Вялікай Анчыннай вайны будынак быў моцна пашкоджаны і хутка пасля яе разабраны. Цяпер на месцы царквы знаходзіцца універмаг.
А новага касцёла ў Пружанах католікі ўсё ж дачакаліся, дзякуючы няспынным намаганням таго ж В. Швыкоўскага, які выступаў даверанай асобай вернікаў горада. У 1877 г. гродзенскі губернатар даў згоду на пабудову храма. Праект быў зацверджаны напрыканцы 1878 г. У 1884 г. касцёл асвяцілі. Ен размяшчаўся на той жа вуліцы, дзе стаяў праваслаўны храм, але на поўнач ад цэнтра. Будынак захаваўся. У ім зараз месціцца Дом культуры. Вось такі складаны лёс пружанскіх храмаў, да ўзвядзення якіх прычыніўся павятовы маршалак. Не ўсе пачынанні В. Швыкоўскага на ніве грамадскай дзейнасці дасягалі станоўчых вынікаў -- усё ж моцнымі былі кансерватыўнасць і коснасць уладаў.
|