Так назваў «палацык» Валенція Швыкоўскага Э. Лабко ў артыкуле
«Пружаны, як павятовы горад» у газеце «Русскій ннвалід» за 1860 г. I
гэта было сапраўды так. Уявіце сабе Пружаны 50—60-ых гадоў ХІХ
стагоддзя. Павятовы цэнтр Гродзенскай губерні, фактычна ж звычайная
правінцыяльная «дыра», якіх у тыя часы багата мелася на
Беларусі. Насельніцтва складала тады пяць з нечым тысяч жыхароў,
пераважна гэта былі рамеснікі і гандляры. Большасць гарадскіх будынкаў
— драўляныя. Пара храмаў, некалькі дзяржаўных устаноў, прыватных
прадпрыемстваў і заезных дамоў — вось усе пружанскія славутасці. Выгляд
горада мала чым цешыў вока. Вузкія, амаль усе незабрукаваныя, брудныя
вуліцы. Уздоўж іх маркотнымі шарэнгамі выцягнуліся падобныя адзін да
аднаго мяшчанскія дамы і крамкі... I раптам такі цуд - сапраўдны палац,
хаця і ў мініяцюры! I дзе -- зусім блізка, за некалькі соцень метраў ад
цэнтра горада! Як выклік шэрані штодзённасці, як матэрыялізаваная мара
аб лепшым і больш прыгожым жыцці, якога заўсёды трэба прагнуць.
Пабудаваная па праекце вядомага польскага архітэктара Ф.Ланцы сядзіба
прываблівае сваёй наватарскай непаўторнасцю форм. Галоўны акцэнт тут
зроблены на несіметрычнасць. Розныя па памерах аб'ёмы злучаны ў адзіную
кампазіцыю, якую ўвенчвае вежа ў цэнтры галоўнага фасада. Тут
увасобілася ідэя маляўнічага загараднага дома заможнага ўладальніка,
які імітуе рэнесансную сельскую вілу. Разнастайныя дэталі аздаблення
надаюць яшчэ большую выразнасць: розныя вокны — ад невялічкіх
квадратных да шырачэзных "венецыянскіх", балконы, ганкі. У баку ад
парку месціцца раскошная тэраса, якая нібы непасрэдна звязвае "палацык"
з краявідам. Такі зборны адметны від зачароўвае сваёй непаўторнасцю.
Вялікая колькасць комінаў на даху нагадвае замкі туманнай Англіі, а
вежа — палацы Фларэнцыі. Адразу і немагчыма адказаць, у які час
"палацык" больш прыгожы: раніцай ці перад захадам сонца, улетку ці
позняй восенню. Заўсёды ён заставаўся і застаецца нязменным у сваёй
казачнай загадкавасці. Маёнтак Пружаны альбо Пружанскі ключ у ліку іншых "королевских столовых имений" былой Кобрынскай эканоміі быў падараваны ў 1795 годзе Кацярынай II фэльдмаршалу расейскіх войскаў, графу П.А. Румянцаву-Задунайскаму.
Пасля смерці графа ў 1796 годзе. Маёнтак перайшоў у рукі ягоных
нашчадкаў, спачатку Мікалая, затым Міхаіла Румянцавых. У 1798-1803 гг.
М.Румянцаў здаваў маёнтак у арэнду пружанскаму павятоваму маршалку
(прадвадзіцель дваранства) Ф.Грабоўскаму. Румянцавы нядоўга валодалі маёнткам Пружаны. У хуткім часе яно стала належыць тайнаму саветніку П. Ягміну (дата перахода невядома), а пасля яго смерці - сынам нябожчыка. На пры канцы першай чвэрці ХІХ стагоддзя дакумэнты зафіксавалі новага гаспадара маёнтка - Бэрнарда Швыкоўскага.
Пачынаючы з гэтага часу Швыкоўскія ў трох пакаленнях валодалі м.
Пружаны. Болей за усіх ён быў у руках В.Швыкоўскага які і пабудаваў
“палацык” - у такім выглядзе як яго бачым сёння мы. У 1895 г. састарэлы Валенці прадаў маёнтак графу Ўладзіміру Пятровічу Кляйнміхелю. Кляйнміхелі тут амаль не жылі і увесь час патрохі здавалі маёнтак у арэнду: у 1905 г. зданы ў арэнду рыжаніну В.-Ю.Р. Бушу тэрминам на 9 гадоў, у 1919-1939 гг. – павятоваму староству. Пад час Другой Сусветнай вайны і пасля яе тут былі афіцэрскія інтэрнаты, частку будынка (а таксама і лядоўню) займалі сем’і, якія чакалі пабудовы дзяржаўнага жылля. Потым размесціўся інтэрнат агра-тэхнічнай вучэльні - тут былі і класы для заняткаў і нават “сталоўка”. З пачатку 1960 – аграбіястанцыя. Напрыканцы гэтай дзесяцігодкі ў будынку арганізуюць дзіцячы садок, які прабыў тут да 1986 г. Далей … часова сюды пераехала стаматалагічная паліклініка і з 1989 г. пачалася рэстаўрацыя будынка. Праз 9 год, у 1998 годзе, ў адрастаўраваны будынак пераязджае Раённы Краязнаўчы музей. З таго часу ён стаў называцца музей-сядзіба "Пружанскі палацык".
|