Ва ўсім гэтым, і не толькі, давялося паўдзельнічаць дырэктарам гарадскіх і раённых метадычных цэнтраў Брэсцкай вобласці падчас семінара ў Пружанах. Пасля адкрыцця семінара, удзел у якім прынялі начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк, намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Іван Казарэз і начальнік раённага аддзела культуры Юрый Котаў, адбылося знаёмства з лепшымі народнымі і ўзорнымі калектывамі гарадскога Палаца культуры, наведванне выстаўкі твораў народных майстроў. Адной з галоўных падзей гэтага дня стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі вядомаму майстру чорнаглянцаванай керамікі Антону Такарэўскаму, прымеркаванае да 100-годдзя з дня яго нараджэння. Аб творчасці Антона Такарэўскага расказала вядучы метадыст Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко, успамінамі пра бацьку падзялілася яго дачка Марыя Ганчарка.. Увечары ўдзельнікі семінара наведалі сядзібу-музей Пружанскі палацык, дзе для іх быў падрыхтаваны "Шляхецкі баль". Тут сапраўды быў перададзены дух даўніны: гучалі мазурка, вальс, паланез, ліліся мілагучныя напевы скрыпкі, выконваліся рамансы. Тэатр моды "Папараць-кветка" пружанскага Дома дзіцячай і юнацкай творчасці прадэманстраваў адну з лепшых сваіх калекцый "Князёўны", якую склалі шыкоўныя жаночыя саматканыя ўбранні з аплікацыяй і саломкай. Скончыўся дзень творчай сустрэчай з калектывам тэатра танца "Ойра" Пружанскага ГДК і знаёмствам з дыскатэчнай праграмай "Кветкавы водар". Наступным днём дырэктары гарадскіх і раённых метадычных цэнтраў абмяркоўвалі праблемы планавання работы і вынікі працы за мінулы год. Аксана КЛУНІНА, вядучы метадыст Брэсцкага АГМЦ Культура 2005 №3 15-21.01 с.12
|