|
|
|
ПАЛАЦЫК АДКРЫВАЕ АКНО Ў МІНУЎШЧЫНУ
Галіна КАЛЯДА Мінуў час, калі ў адрэстаўраваны Пружанскі палацык людзі прыходзілі толькі для таго, каб палюбавацца прыгажосцю і веліччу збудавання. Цяпер тут ёсць што паглядзець. У адкрытай для наведвальнікаў этнаграфічнай зале прадстаўлены тры раздзелы: пляценне з лазы і саломы, ткацтва і ганчарства. Цікавая задумка афармлення залы ў выглядзе вясковай хаты. Адметна, што зроблена гэта па праекту члена Саюза мастакоў Беларусі Дзмітрыя Бабкіна. А музейнае афармленне — плённая праца дырэктара музея Юрыя Каўшылы, галоўнага захавальніка Раісы Зінчук, навуковых супрацоўнікаў Юрыя Зялевіча і Ірыны Якман. Дзякуючы іх намаганням з'явіліся ў музеі ўсе гэтыя цікавыя экспанаты: вырабы з лазы і лёну, чорназадымлены і паліваны посуд вядомых на Пружаншчыне ганчароў Антона Такарэўскага і Івана Лісоўскага. Часта рэчы для музея прыходзілася купляць (даводзіцца гэта рабіць і зараз) музейным работнікам за свае грошы. Гледзячы на гэтых акрыленых вялікімі задумамі людзей, нельга не захапляцца імі: энтузіясты. Ну і, відаць, не мелі б усе гэтыя творчыя задумкі такога яскравага ўвасаблення, каб не залатыя рукі сталяроў Мікалая Сцяпанавіча Солада, Івана Якімавіча Сачко, маладога таленавітага рэзчыка па дрэве Андрэя Малікава. У сваю чаргу, работнікі музея вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія ўнеслі свой уклад ў павелічэнне колькасці музейных экспанатаў. Сярод іх Марыя Мікалаеўна Кулецкая, Аляксандр Іванавіч Дарошка, Вера Якаўлеўна Сачко, Галіна Сцяпанаўна Сірацінская. Частымі сталі ў музеі-сядзібе розныя выставы. Цяпер цікавасць уяўляе выстава абразоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, канфіскаваных Брэсцкай мытняй. Выстаўлена больш 40 экспанатаў, пераважна тэмпернага жывапісу рускай школы. —У гэтым годзе,— дзеліцца планамі Юрый Каўшыла,— плануем адкрыць гасцёўню з каміннай і кветкавай заламі. Адметна, што інтэр'ер будзе блізкі да таго, што стварыў у свой час былы ўладальнік Валенці Швыкоўскі. У бліжэйшых планах стварэнне выставачнай залы «Залаты россып Пружаншчыны» — пра знакамітых землякоў, гербавай і паляўнічай залаў, сталовай для наведвальнікаў. Праўда, наколькі ўдасца рэалізаваць свае задумкі, пакуль не вядома. Фінансаванне музея слабое... I ўсё ж акно ў мінуўшчыну з адкрыццём музея-сядзібы ўжо расчынілася. Захапляючае падарожжа ў гісторыю толькі пачынаецца.
РБ 2000.23.05
|
|
|